Гандлёвыя пагадненні

27 чэрвеня 2014 года Грузія, Малдова і Украіна падпісалі пагадненні аб асацыяцыі (ПА) з Еўрапейскім саюзам. Пагадненні з Грузіяй і Малдовай уступілі ў сілу 1 ліпеня 2016 года, а з Украінай – 1 верасня 2017 года. Яны складаюць аснову для палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі краін-партнёраў з ЕС, а таксама накіраваны на стымуляванне эканамічнага развіцця, доўгатэрміновай стабільнасці, празрыстасці і прадказальнасці для бізнесу. Пагадненні аб асацыяцыі таксама прадугледжваюць стварэнне паглыбленых і ўсёабдымных зон свабоднага гандлю (ПУЗСГ), якія – шляхам паступовай ліквідацыі тарыфных, нетарыфных і нарматыўна-прававых бар'ераў – створаць новыя магчымасці для эканамічнага супрацоўніцтва і гандлю, асабліва для малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП), прастымулююць прамыя замежныя інвестыцыі, паскораць эканамічную мадэрнізацыю і паспрыяюць стварэнню новых працоўных месцаў у гэтых трох краінах.

 

 

Што такое ПУЗСГ?

Паглыбленыя і ўсёабдымныя зоны свабоднага гандлю, якія ствараюцца на аснове пагадненняў аб асацыяцыі з трыма ўсходнімі суседзямі ЕС, з'яўляюцца больш амбіцыйнымі з пункту гледжання двухбаковых абавязацельстваў, чым традыцыйныя пагадненні аб свабодным гандлі (ПСГ), якія ЕС заключаў да гэтага часу. Гэта звязана з глыбінёй і паўнатой двухбаковых абавязацельстваў, якія прадугледжваюць паступовую эканамічную інтэграцыю Грузіі, Малдовы і Украіны з унутраным рынкам ЕС.

Гандлёвыя і звязаныя з гандлем абавязацельствы маюць «глыбокі і ўсёабдымны» характар. Гэта значыць, што – з пункту гледжання доступу да рынку – яны накіраваны на ўзаемную лібералізацыю практычна ўсяго гандлю таварамі, адкрыццё рынкаў для пастаўшчыкоў паслуг (на прынцыпах недыскрымінацыі і аднолькавага стаўлення як да замежных, так і для айчынных пастаўшчыкоў), а таксама для кампаній, якія жадаюць прымаць удзел у тэндарах на выкананне дзяржаўных заказаў. У практычным плане гэта азначае, што мытныя пошліны, якія выплачваюцца імпарцёрамі прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў, паступова адмяняюцца або памяншаюцца (як правіла, у першую чаргу з боку ЕС – у адпаведнасці з асіметрычным падыходам), а нетарыфныя бар'еры ліквідуюцца. Каб паспрыяць адкрыццю вялікага ўнутранага рынку ЕС і на практыцы атрымліваць выгаду ад гэтага, партнёры па ПУЗСГ вырашылі наблізіць сваю нарматыўна-прававую базу да заканадаўства ЕС у звязаных з гандлем галінах. Сюды ўваходзяць тэхнічныя рэгламенты і стандарты, санітарныя і фітасанітарныя меры, спрашчэнне мытных працэдур і гандлю, правы інтэлектуальнай уласнасці, канкурэнцыя, тэлекамунікацыйныя паслугі, паштовыя і кур'ерскія паслугі, фінансавыя і міжнародныя марскія транспартныя паслугі.

Разам з тым, краіны-партнёры, усведамляючы той уплыў, які можа аказаць нарматыўна-прававое асяроддзе кожнай з іх на ўзаемны гандаль, абавязаліся стварыць і падтрымліваць эфектыўнае і прадказальнае нарматыўна-прававое асяроддзе для суб'ектаў гаспадарання, асабліва дробных, што ажыццяўляюць сваю дзейнасць на іх тэрыторыі. Належная ўвага пры гэтым была нададзена патрабаванням прававой дакладнасці і прапарцыянальнасці.

У кантэксце эканамічнай інтэграцыі варта таксама нагадаць, што, акрамя частак, прысвечаных ПУЗСГ, пагадненні аб асацыяцыі змяшчаюць таксама пэўныя раздзелы, якія тычацца эканамічнага і галіновага супрацоўніцтва паміж партнёрамі. Само сабой зразумела, што іх палажэнні дапаўняюць і пашыраюць супрацоўніцтва ў некалькіх важных для бізнесу галінах. З гэтай мэтай Грузія, Малдова і Украіна пашырылі свае абавязацельствы па збліжэнні нарматыўна-прававой базы ў тым, што тычыцца аховы навакольнага асяроддзя, транспарту, бухгалтарскага ўліку і аўдыту, абароны правоў спажыўцоў, занятасці, сацыяльнай палітыкі і роўных магчымасцей. Акрамя таго, краіны-партнёры будуць развіваць і ўмацоўваць супрацоўніцтва ў галіне прамысловай і прадпрымальніцкай палітыкі, паляпшаючы такім чынам дзелавое асяроддзе для ўсіх суб'ектаў гаспадарання, але з асаблівай увагай ставячыся да МСП.

Такім чынам, пагадненні аб асацыяцыі з іх ПУЗСГ акажуць станоўчы ўплыў на дзелавое асяроддзе і нарматыўна-прававую базу ў кожнай з краін-партнёраў. Апошняе закране не толькі экспарцёраў у ЕС, але і кампаніі, якія працуюць на ўнутраным рынку, у тым сэнсе, што яны змогуць дзейнічаць ва ўмовах празрыстай нарматыўна-прававой базы, сумленнай канкурэнцыі і – у цэлым – больш спрыяльнага інвестыцыйнага і дзелавога клімату.

 

Узаемныя выгады

З дапамогай ПУЗСГ Грузія, Малдова і Украіна атрымліваюць пераважны доступ да найбуйнейшага рынку ў свеце (які рэгулюецца адзінымі правіламі) з 500 мільёнамі спажыўцоў і ВУП у памеры 14 трыльёнаў еўра, а таксама новыя магчымасці для экспарту на рэгіянальныя і сусветны рынкі.

Паступовая ліквідацыя існуючых мытных тарыфаў, нетарыфных і нарматыўна-прававых бар'ераў будзе стымуляваць двухбаковы гандаль і, такім чынам, павышаць канкурэнцыю на рынку і павялічваць разнастайнасць, якасць і бяспечнасць даступных прадуктаў і паслуг, што павінна знізіць іх кошт для спажыўцоў. Акрамя таго, гэта палепшыць дзелавы клімат і прыцягне інвестараў, забяспечваючы пры гэтым павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароны, аховы навакольнага асяроддзя, а таксама абароны спажыўцоў. Гэта таксама дасць стабільныя і больш прадказальныя правілы для вядзення бізнесу, асабліва для МСП.

Еўрапейскім кампаніям ПУЗСГ забяспечыць – з пункту гледжання лібералізацыі тарыфаў і збліжэння нарматыўна-прававой базы – лягчэйшы доступ тавараў і паслуг на рынкі, павелічэнне інвестыцыйных магчымасцей, новых патэнцыйных пастаўшчыкоў, а таксама магчымасці для аўтсорсінгу.

Прасцей кажучы, ПУЗСГ азначае наступнае:

  • бяспошлінны гандаль,
  • менш бюракратыі,
  • празрыстыя ўмовы вядзення бізнесу,
  • добрасумленную канкурэнцыю,
  • магчымасці для пастаўшчыкоў паслуг,
  • інвестыцыйныя магчымасці,
  • магчымасці фінансавання.

А вы ведалі?

  • Ніжэй прыведзены вынікі дзеяння пагадненняў аб асацыяцыі і ПУЗСГ [1]:
    • Імпарт ЕС з Малдовы ў 2015 годзе павялічыўся на 5,5%, а ў 2016 — на 7,7%. Гандаль Малдовы таксама ссунуўся ў бок ЕС. У 2016 годзе каля дзвюх трацей (66%) экспарту Малдовы прыйшліся на ЕС. Далей шлі Расія (12%) і Беларусь (5%).
    • Імпарт ЕС з Грузіі ў 2015 годзе павялічыўся на 12%, але ў 2016 знізіўся на 25% (гэта зніжэнне намінальнае і абумоўлена зменай экспартных коштаў грузінскай сыравіны). У 2016 годзе ЕС быў ключавым партнёрам Грузіі, доля якога складала 30% ад агульнага аб'ёму гандлю (да ўвядзення ПУЗСГ – 27%). Далей ішлі Канада (15%), Турцыя (13%) і Расія (7%).
    • Імпарт ЕС з Украіны ў 2016 годзе перажыў уздым, павялічыўшыся на 1,9%. Гэтаму папярэднічала яго зніжэнне ў 2015 годзе на 6,5% з-за складанай эканамічнай сітуацыі ва Украіне. ЕС бясспрэчна з'яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Украіны, доля якога складае каля 41% ад агульнага аб'ёму гандлю (каля 44% ад агульнага аб'ёму ўкраінскага імпарту і 38% ад агульнага аб'ёму экспарту). Расія з'яўляецца другім па велічыні партнёрам, на долю якога прыходзіцца каля 11,4% ад агульнага аб'ёму гандлю Украіны.
  • За першыя шэсць месяцаў дзейнасці ПУЗСГ экспарт з Грузіі ў ЕС вырас на 12%, у той час як экспарт некаторых грузінскіх прадуктаў, напрыклад, фундуку, медзі і нафтапрадуктаў, за гэты час павялічыўся ўдвая або нават утрая. У цэлым ПУЗСГ, як чакаецца, забяспечыць прырост ВУП на 4,3% у год (292 мільёны еўра нацыянальнага даходу), пры ўмове, што рэформы будуць завершаны.
  • За першыя шэсць месяцаў дзейнасці ПУЗСГ ЕС імпартаваў з Малдовы каля 15 000 тон цукру, што на 350% больш у параўнанні з адпаведным перыядам папярэдняга года. Па ацэнках спецыялістаў, у цэлым у выніку дзейнасці ПУЗСГ нацыянальны даход вырасце прыкладна на 142 мільёны еўра, г.зн. на 5,4% ад ВУП краіны. Пры гэтым экспарт у ЕС, як чакаецца, павялічыцца на цэлых 16%.
  • Ва Украіне экспарцёры, як чакаецца, будуць эканоміць 487 мільёнаў еўра штогод дзякуючы зніжэнню імпартных пошлін ЕС. У той жа час украінскія кампаніі палепшаць свае канкурэнтныя пазіцыі, атрымаўшы магчымасць імпартаваць дадатковыя сродкі вытворчасці па адносна нізкім кошце.

 

Фінансаванне МСП у межах ПУЗСГ

Выкананне абавязацельстваў у межах ПУЗСГ падразумявае, што пэўныя выдаткі на рэфармаванне і прыстасоўванне пакрываюцца за кошт дзяржаўных органаў (напрыклад, што датычыцца змянення нарматыўна-прававой базы і стварэння адміністрацыйнага апарату накшталт ветэрынарных і фітасанітарных інспекцый, органаў ацэнкі адпаведнасці прамысловай прадукцыі патрабаванням бяспекі, агенцтваў па рэалізацыі і маніторынгу правіл канкурэнцыі, наглядных органаў у сферы паслуг і г.д.).

Адначасова суб'екты гаспадарання павінны прыстасоўвацца да новых правіл і стандартаў, што вынікаюць са збліжэння нарматыўна-прававой базы да заканадаўства ЕС, як гэта прадугледжана ў межах ПУЗСГ. Гэтае прыстасоўванне і неабходнасць інвестыцый могуць аказацца асабліва складанымі для МСП, якім спатрэбяцца дадатковыя навыкі і фінансавыя сродкі.

Каб выкарыстоўваць новыя магчымасці гандлю, МСП павінны не толькі павышаць сваю канкурэнтаздольнасць, але і адпавядаць новым нормам бяспечнасці прадуктаў харчавання, тэхнічным патрабаванням і стандартам якасці, якіх вымагае стварэнне ПУЗСГ, а таксама пэўным мерам, прадугледжаным той часткай пагадненняў аб асацыяцыі, якія тычацца эканамічнага і галіновага супрацоўніцтва (напрыклад, аховы навакольнага асяроддзя, забеспячэння занятасці і ажыццяўлення сацыяльнай палітыкі).

У адказ на гэтыя патрэбы Еўрапейская камісія (ЕК) – сумесна з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам (ЕІБ), Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Нямецкім банкам развіцця (KfW) – стварыла праграму фінансавання МСП у межах ПУЗСГ.

Праграма фінансавання ў межах ПУЗСГ атрымае каля 200 мільёнаў еўра субсідый з бюджэту ЕС, каб прыцягнуць па меншай меры 2 мільярды еўра новых інвестыцый з боку МСП у Грузіі, Малдове і Украіне, што будуць фінансавацца ў асноўным за кошт новых крэдытаў, якія падтрымліваюцца праграмай.

Праграма фінансавання будзе імкнуцца:                                                    

  • дапамагчы МСП выкарыстаць новыя магчымасці гандлю з ЕС і ў межах рэгіёна, якія з'явіліся дзякуючы ПУЗСГ;
  • палегчыць МСП доступ да фінансавання, дазваляючы ім рабіць неабходныя інвестыцыі для павышэння сваёй канкурэнтаздольнасці;
  • дазволіць МСП інтэгравацца ў глабальныя ланцужкі стварэння кошту праз дзелавое партнёрства з прамымі замежнымі інвестарамі;
  • даць МСП магчымасць адпавядаць новым санітарным, фітасанітарным і тэхнічным нормам, стандартам якасці, а таксама мерам па ахове навакольнага асяроддзя.

Сёння фінансаванне ў межах ПУЗСГ складаецца з наступных праграм, якія падтрымлівае ЕС:

  • прамое фінансаванне ў межах ПУЗСГ з боку ЕБРР
  • праграма ЕБРР па кансультаванні малога бізнесу
  • праграма ЕБРР па садзейнічанні ПУЗСГ
  • другі этап фінансавання МСП з боку ЕБРР
  • праграма ЕІБ Initiative East у межах ПУЗСГ
  • другі этап фінансавання МСП з боку ЕІБ
  • другі этап фінансавання МСП з боку KfW

 

 

[1] Крыніца: Еўрастат